Бервячонак А. У.
аспірант кафедры беларускага мовазнаўства, УА “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна”
РОЛЯ АПЕЛЯТЫВАЎ У ФАРМІРАВАННІ ЎЛАСНЫХ НАМІНАЦЫЙ ТУРЫСТЫЧНЫХ АБ’ЕКТАЎ МАЗЫРШЧЫНЫ
Аннотация
В статье рассматриваются апеллятивы разных семантических видов, которые являются доминантами в образовании туристических онимов, а также определяется их место и роль во взаимоотношениях с названиями.
Ключевые слова: ономастика, аппелятив, туристический объект.
Key words: onomastics, appellative, tourist object.
Для больш глыбокага разумення аб узаемаадносінах і ўзаемасувязі чалавека і прыроды неабходна звяртацца да тлумачэння паходжання мясцовых назваў. Найменні, дадзеныя аб’ектам, дапамагаюць іншы раз растлумачыць спецыфічнасць прыроды, адметнасць гаспадаркі, этнічныя асаблівасці, гістарычнае мінулае вывучаемай тэрыторыі.
Сярод турыстычных онімаў важнае месца займаюць апелятывы (агульныя імёны), якія з’яўляюцца пастаяннымі матывіруючымі дамінантамі ў складзе ўсёй структурнай тэрмінаадзінкі пэўнага аб’екта. У якасці апелятываў онімаў турыстычных аб’ектаў Мазыршчыны выступаюць: касцёл, яр, заказнік, балота, царква, тэатр, сабор, гарадзішча, сінагога, кляштар, парк, манастыр, рака, капліца, храм, скульптура, крыніца, урочышча, помнік, аграсядзіба, музей і інш. Яны абазначаюць:
аграсядзіба – жылая і гаспадарчая пабудова разам з садам, агародам, якія складаюць адну гаспадарку (у сельскай мясцовасці) [5, с.445]: аграсядзіба Панскі сад, аграсядзіба У Мельніка, аграсядзіба Бабраняты і інш.;
балота – нізкае багністае месца, звычайна з стаячай вадой і вільгацелюбнай расліннасцю [1, с.334]: Чырвонае балота, Аверкава балота, балота Зарэчка, балота Алёс і інш.;
гарадзішча – месца, дзе захаваліся рэшткі старажытнага пасялення [2, с.28]: гарадзішча Кімбараўка, Глініцкае гарадзішча і інш.;
заказнік – род запаведніка, у якім поўнае або частковае выкарыстанне прыродных багаццяў (паляванне, рыбная лоўля, высечка лесу і пад.) забараняецца звычайна толькі на пэўны тэрмін [2, с.319]: заказнік Мазырскія яры, заказнік Алёс, тарфянік-заказнік Драгва і інш.;
капліца – невялікі царкоўны або касцёльны будынак з абразамі без алтара, малельня [2, с.631]: капліца свяшчэнапакутніка Макарыя Кіеўскага;
касцёл – каталіцкі храм [2, с.659]: касцёл святога Міхаіла Архангела;
кляштар – каталіцкі манастыр [2, с.704]: кляштар бернардзінцаў;
манастыр – жылое памяшканне, якое належыць манахам [3, с.101]: манастыр цыстэрцыянак, манастыр цыстэрцыянцаў;
музей – установа, якая збірае, вывучае, зберагае і выстаўляе для агляду помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры, а таксама прыродазнаўчыя калекцыі [3, с.179]: музей Палеская Веда, Краязнаўчы музей і інш.;
парк – участак з прыроднымі ці штучнымі насаджэннямі, дарожкамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны для адпачынку [4, с.53]: парк Перамогі, Панскі парк, Барбароўскі парк і інш.;
помнік – архітэктурнае або скульптурнае збудаванне ў знак ушанавання памяці якой-небудзь асобы або падзеі [4, с.291]: царкоўны помнік у гонар мітрапаліта Кіеўскага і ўсея Русі Макарыя, помнік Ахвярам Чарнобыля і інш.;
рака – прыродны вадаём, які пастаянна цячэ па пракладзеным вадой рэчышчы ад вытоку ўніз да вусця [4, с.631]: рака Прыпяць, рака Тур і інш.;
сабор – галоўная або вялікая царква ў горадзе [5, с.10]: Свята-Міхайлаўскі сабор;
скульптура – від выяўленчага мастацтва — стварэнне аб’ёмных вобразаў (барэльефаў, статуй і інш.) з гліны, каменя, металу [5, с.190]: скульптура Леніна, скульптура Пушкіна і інш.;
тэатр – установа, арганізацыя, якая мае пэўны састаў артыстаў і ставіць спектаклі [5, с.570]: драматычны тэатр імя І.Мележа, кінатэатр Мір;
урочышча – любая частка мясцовасці, якая адрозніваецца чым-небудзь ад навакольных тэрыторый і звычайна мае сваю назву [6, с.49]: урочышча Дубкоўка, урочышча Акопы і інш.;
царква – будынак, у якім адбываецца праваслаўнае набажэнства [6, с.228]: царква святога Мікалая Цудатворца, царква святога велікамучаніка Георгія Пабеданосца і інш.;
яр – роў, лагчына [6, с.502]: яр Курганскі Роў, яр Белы Роў і інш..
Пры ўтварэнні ўсёй намінацыі турыстычнага аб’екта апелятывы займаюць прэ- і постпазіцыйнае становішча, тым самым кваліфікуюць від канкрэтнага аб’екта і яго статусную сутнасць. Паміж апелятывам і назвай устанаўліваюцца рода-відавыя адносіны.
Такім чынам, апелятыў фарміруе ўласныя намінацыі, служыць дыферэнцыруючым сродкам, выступае ў ролі родавага кампанента ў дачыненні да ўласнай назвы (відавога кампанента).
Онімы – гэта не толькі гукавыя знакі аб’ектаў (апелятываў), яны адлюстроўваюць культуру народа, яго гісторыю, асяроддзе пражывання людзей, характар ландшафту, флоры, фаўны, кліматычныя асаблівасці і інш.
- Тлумачальны слоўнік беларскай мовы: у 5 т. / пад агул. рэд. К.К.Атраховіча (К. Крапіва). – Мінск: Гал. рэд. Бел СЭ, 1977. – Т.1. – 608с.
- Тлумачальны слоўнік беларскай мовы: у 5 т. / пад агул. рэд. К.К.Атраховіча (К. Крапіва). – Мінск: Гал. рэд. Бел СЭ, 1978. – Т.2. – 768с.
- Тлумачальны слоўнік беларскай мовы: у 5 т. / пад агул. рэд. К.К.Атраховіча (К. Крапіва). – Мінск: Гал. рэд. Бел СЭ, 1979. – Т.3. – 672с.
- Тлумачальны слоўнік беларскай мовы: у 5 т. / пад агул. рэд. К.К.Атраховіча (К. Крапіва). – Мінск: Гал. рэд. Бел СЭ, 1980. – Т.4. – 768с.
- Тлумачальны слоўнік беларскай мовы: у 5 т. / пад агул. рэд. К.К.Атраховіча (К. Крапіва). – Мінск: Гал. рэд. Бел СЭ, 1982. – Т.5. – Кн.1. – 663с.
- Тлумачальны слоўнік беларскай мовы: у 5 т. / пад агул. рэд. К.К.Атраховіча (К. Крапіва). – Мінск: Гал. рэд. Бел СЭ, 1984. – Т.5. – Кн.2. – 608с.